НІТРА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, нітрацэлюлоза,

складаныя эфіры цэлюлозы і азотнай к-ты. Маюць агульную ф-лу [C6H7O2(OH)3-x (ONO2)x]n дзе x — ступень замяшчэння (змяняецца ад 0 да 3), n — ступень полімерызацыі (n = 150—3500). Паводле колькасці азоту тэхн. Н.ц. падзяляюць на калаксілін (мае 10,7—12,2% азоту) і піраксіліны (№ 2 мае 12,2—12,5%, № 1—13,0—13,5% азоту).

Цвёрдыя валакністыя рэчывы белага колеру, шчыльн. 1580—1650 кг/м³, т-ра раскладання 40—60 °C. З’яўляюцца брызантнымі выбуховымі рэчывамі (цеплата выбуху каля 3,6 МДж/кг). Няўстойлівыя ў к-тах і асновах. Атрымліваюць нітраваннем бавоўнавай цэлюлозы нітравальнай сумессю. Калаксілін выкарыстоўваюць у вытв-сці нітрацэлюлозных пластмас (этролаў), цэлулоіду, нітралакаў, нітраэмаляў, бяздымных порахаў, дынаміту і інш. выбуховых рэчываў, піраксіліны — у вытв-сці бяздымных порахаў.

Літ.:

Закощиков А.П. Нитроцеллюлоза. М., 1950;

Коваленко В.И. Молекулярно-структурная неоднородность нитратов целлюлозы // Успехи химии. 1995. Т. 64, № 8.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)